Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Архив новостей

25.03.2021

ТЫДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ЛІТАРАТУРЫ

З 15 па 20 лютага ў Навіцкавіцкай СШ праводзіўся тыдзень беларускай мовы і літаратуры

Дэвіз тыдня:

«Я беларус, мая родная мова – беларуская!»

15 лютага

Тыдзень пачаўся са старту акцыі «Буккросінг: чытаем на роднай мове». Кожны вучань атрымаў «Чытацкі дзённік», куды на працягу тыдня павінен быў упісаць назвы і аўтараў самастойна прачытаных твораў.



Па добрай традыцыі ўвазе вучняў, настаўнікаў, супрацоўнікаў і гасцей школы былі прапанаваны «залацінкі мовы» - выказванні вядомых беларусаў пра беларускую мову.

Таксама ў гэты дзень стартаваў праект «Ты мне – я табе». Вучні старэйшых класаў чыталі беларускія народныя казкі малодшым школьнікам, праводзілі з імі віктарыны.

16 лютага

Для вучняў 3-5 класаў праведзены творчы конкурс «Намалюй слова». Школьнікі падрыхтавалі шэраг цудоўных ілюстрацый.

Вучні 6-8 класаў узялі інтэрв’ю ў дзяцей, бацькоў і супрацоўнікаў школы пад дэвізам «Самае беларускае!». Карэспандэнты задавалі наступныя пытанні:

1. Ці патрэбна штогод 21 лютага адзначаць Дзень роднай мовы? Чаму?

2. Якія словы, на Вашу думку, самыя беларускія?

3. Якіх беларускіх пісьменнікаў Вы ведаеце?

4. Колькі трэба даплочваць, каб Вы размаўлялі па-беларуску?

5. Калі з’явілася мова?

6. Якія беларускія вершы Вы ведаеце?

7. Якую беларускую песню Вы можаце заспяваць?

8. Што трэба змяніць у нашым грамадстве, каб беларусы загаварылі па-беларуску?

9. Якія беларускія народныя святы Вы адзначаеце?

10. Чым беларуская мова адрозніваецца ад іншых моў свету?

 

Прыклады адказаў:

Аляксандра, вучаніца 9 класа:

– Самыя беларускія словы, на маю думку, гэта “каханне, бульба, мова”.

Іван, вучань 10 класа (на пытанне пра даплаты за мову):

– Грошай не хопіць, каб мне ўвесь час даплочваць!

Вікторыя, вучаніца 11 класа (на пытанне пра змены ў грамадстве, што паўплываюць на веданне мовы беларусамі):

– Трэба рабіць больш беларускамоўных школ.

Мікалай Віктаравіч, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства (на пытанне пра Міжнардны дзень роднай мовы):

– Яго трэба зрабіць святочным выхадным.

(на пытанне пра адметнасць беларускай мовы)

– Наша мова вылучаецца сваёй мілагучнасцю, меладычнасцю, прыгажосцю.

Максім, вучань 8 класа ( на пытанне пра беларускія вершы):

– Я ведаю верш «Раманс» М.Багдановіча, «Спадчына» Я.Купалы, «Пахне чабор» П.Броўкі.

Ала Уладзіміраўна, настаўнік рускай мовы і літаратуры (на пытанне пра змены ў грамадстве на карысць мовы):

– Патрэбна, каб дзеці з маленства чулі ў дзіцячых садках сваю мову, каб бацькі аднавілі ў памяці беларускую мову, каб было больш інфармацыі па-беларуску – беларускія сеткі, газеты, часопісы.

Як бы вы адказалі на такія пытанні?

Старэйшыя класы ўдзельнічалі ў прэзентацыі буктрэлераў па творах І. Шамякіна. Лепшы быў адабраны на конкурс творчых праектаў «Маё ўспрыманне асобы і творчасці Івана Шамякіна», што праводзіцца кафедрай тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ.

   

Таксама ў гэты дзень вучні 6 і 8 класаў удзельнічалі ў дыстанцыйнай алімпіядзе па беларускай мове «Марфалагічная вясёлка» (сайт «Падабайкі роднай мове»). Ёсць рэзультат: Шабуня Лізавета заняла другое месца.

17 лютага адбылася літаратурная эстафета«Па слядах пісьменнікаў». Бурымэ на рыфмы вядомых твораў пра мову беларускіх пісьменнікаў (Я. Купалы, Р. Барадуліна, П. Панчанкі, М. Танка, П. Броўкі, У. Дубоўкі) пісалі не толькі вучні, а і супрацоўнікі школы.

   Прапануем некаторыя працы:

Не хачу я гора,

як сіняе мора.

Каб толькі магла,

рукой правяла

Бяду б навек

ад усіх адвяла.

(Мешчанчук І.С., дырэктар школы – «па слядах» верша «Родная мова» М.Танка)

 

Шмат зорак не трэба,

Бо не застанецца неба.

(Галавач Н., вучаніца 9 класа – «па слядах» верша «Родная мова» П.Панчанкі)

 

Пажадаю я ў свята

Кожнаму дабра ў хату!

Хай будзе на стале каўбаска

Частуйцеся госці, калі ласка!

(Цыганкова А.А., настаўнік пачатковых класаў – «па слядах» верша «Калі ласка» П.Броўкі)

 

Трэба ўсім абавязкова

Ведаць, што такое мова!

(Скаравараў У., вучань 8 класа – «па слядах» верша «Мая мова» Р.Барадуліна)

На аснове наватвораў плануецца публікацыя невялічкага зборнічка «Мая мова».

Для малодшых вучняў была арганізавана відэазала «Мультфільмы па-беларуску». Дзеці праглядзелі арыгінальныя экранізацыі беларускіх народных казак «Піліпка», «Стары бацька», знятых на кінастудыі «Беларусьфільм», а таксама замежныя мультыплікацыйныя фільмы ў перакладзе на беларускую мову – «Свінка Пэпа», «Маленькае каралеўства».

Таксама школьнікам было прапанавана «бліснуць ведамі» і стварыць экспромт-газету «10 фактаў пра беларускую мову».

18 лютага

Дзень пачаўся з чэленджа «Ад А – да Я». Вучні запісвалі па чарзе беларускія словы, якія пачынаюцца на апошнюю літару папярэдняга слова. Напрыклад, мова – апавяданне – елка і г.д.

Паміж вучнямі 5, 6, 9 і 10 класаў адбылася свая гульня «Размаўляй са мной па-беларуску», якая падсумавала веды пра лексічны склад, фанетычныя асаблівасці і правапіс беларускай мовы.

На пасяджэнні літаратурнай гасцёўні «Ты кажаш, я не ведаю вайны» вучнямі 3-6 класаў абмяркоўвалася важнае для сучаснага пакалення пытанне: ці варта помніць пра ліхалецці Вялікай Айчыннай вайны і ўшаноўваць кожны год подзвіг народа? Школьнікі ўспаміналі страшныя факты мінуўшчыны, завочна павандравалі па мемарыяльных комплексах «Хатынь», «Брэсцкая крэпасць-герой», «Трасцянец», чыталі і абмяркоўвалі вершы «Песня пра герояў Брэсцкай крэпасці» А.Бачылы, «Трасцянец» М.Ясеня, «Рэквіем па кожным чацвёртым» А.Вярцінскага і інш. Вучні прыйшлі да высновы: сённяшняе пакаленне не ведае вайны, не бачыла спаленых вёсак, разбураных гарадоў, не чула стогнаў параненых, але мы павінны ведаць, што такое вайна. Гэта пакуты, боль, гора, страты, слёзы. Яна не шкадуе нікога – ні малога, ні старога. Павінны помніць, каб не паўтарыць!



19 лютага

Увесь дзень на перапынках гучала беларуская музыка. Вучні і супрацоўнікі школы слухалі народныя беларускія песні і песні сучасных беларускіх выканаўцаў.

У актавай зале адбыўся міні-канцэрт «Фэст беларускай песні». Вучні 5-11 класаў выконвалі песні на словы беларускіх паэтаў М.Багдановіча, П.Броўкі, беларускія народныя песні, а таксама песні вядомых сучасных гуртоў - «j.Морс», «NAVIBAND», «Крамбамбуля» і інш.

 

20 лютага

Тыдзень завяршыўся інтэлектуальнай гульнёй «Будзьма беларусамі!», падчас якой вучні адказвалі на пытанні не толькі пра мову і літаратуру, а таксама пра дзяржаўную сімволіку, культурную спадчыну, народныя традыцыі, сучасную Беларусь.




Усе мерапрыемствы спрыялі пашырэнню ведаў вучняў пра беларускую мову, папулярызацыі яе сярод моладзі, выхаванню павагі да нацыянальнай спадчыны.

Спадзяёмся, што ўдзельнікі тыдня засталіся задаволеныя вынікамі сваёй працы.

Не забывайце размаўляць на беларускай мове не толькі ў час школьных мерапрыемстваў, а і кожны дзень – дома і на вуліцы.

Хто забыў сваіх продкаў –

сябе губляе,

хто забыў сваю мову –

усё згубіў!

(У.Караткевіч)